Да Міжнароднага дня роднай мовы

21.02.2022

Любіце і шануйце, як святыню,
роднае слова, з якім вас літасцівы
Бог на свет пусціў.
Ф. Скарына

Міжнародны дзень роднай мовы заснаваны ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА і штогод адзначаецца 21 лютага. Галоўная яго мэта – захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрыманне нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.

Да слова, беларуская мова – самая мілагучная пасля італьянскай. Гісторыкі сцвярджаюць, што яна яшчэ і самая старажытная сярод славянскіх моў. 

У школах Полацкага раёна да дня роднай мовы звычайна прымеркавана правядзенне Тыдня беларускай мовы і літаратуры. Мерапрыемствы тыдня разнастайныя, на любы густ:

  • інфармацыйныя (відэачасопіс “Гучы, родная мова!”, класныя гадзіны “Я – беларус! Я ганаруся, што маю гэтае імя!”, літаратурная гасцёўня “Гучы, роднае слова!”, кніжныя выставы “Пісьменнікі-юбіляры”, “Беларуская мова – мелодыя сэрца”);
  • інтэлектуальныя (гульня-конкурс “Буслік”, віктарына “Ведай свой край”, мазгавы штурм “Выпраў памылкі”, фотавіктарына “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…”, гульня “Слабае звяно”, квэст-гульня “З рога ўсяго многа”, лінгвістычны марафон “Самы кемлівы і знаходлівы”, конкурсы і турніры “З роднай моваю на “ТЫ””, “У роднай мовы роднае карэнне”, “Родная мова, цудоўная мова”);
  • забаўляльныя (моўная размінка “Адгадай слова – атрымай цукерку”, гульня “Дзеці новага пакалення”, дзень вуснай народнай творчасці “Жывая крыніца”, інтэрактыўная гульня “Смачна па-беларуску”, этнаграфічнае падарожжа “Мы беларусы”, гульня “Бабульчын куфэрак”, анлайн-чэлендж “Радзіма ў маім сэрцы”,  відэасалон “Мульціманія па-беларуску”, музычныя перапынкі “Цяпло роднага слова”, фотазоны “Беларускія матывы”, “Разумная альтанка”,  флэшмоб “Гуляй разам з намі”, скетчноўцінг па творах Васіля Быкава, літаратурная кавярня “Беларусь гасцінная”, “жывая” крыжаванка);
  • творчыя (фотаконкурсы “Сэлфі па-беларуску”, “Я тут нарадзіўся”, дызайн па-беларуску “Вокладка любімага твора”, конкурс эсэ “Мова родная – мова модная”, конкурс газет, конкурсы чытальнікаў вершаў “Паэтычны вернісаж”, воблака слоў “МОВА”, выставы малюнкаў “З любоўю да роднага слова”, хвілінка караоке “Спяваем беларускія песні”).

“Прыжыліся” ў школах і ўжо палюбіліся настаўнікам і вучням акцыі “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску!”, “Буккросінг: чытаем на роднай мове”,  “Пажаданні роднай мове”, “Фізкультхвілінкі па-беларуску”, “Далучы сваю далонь”, “Маё любімае беларускае слова”.

Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, як няма і мовы без яе носьбіта.  Любіце, шануйце, паважайце родную мову, размаўляйце на ёй!