Калі фантазія не мае межаў
29.01.2020
, Стальмачонак Аліна Міхайлаўна, настаўніца нямецкай мовы дзяржаўнай установы адукацыі “Зялёнкаўская дзіцячы сад-базавая школа імя Т.С. Марыненка”, з’яўляюся членам суполкі настаўнікаў-метадыстаў Рэспублікі Беларусь “Імкненне” і наведваю фестываль ужо трэці год запар, удзельнічаю ў секцыі “Замежныя мовы”. Два гады давала майстар-класы, якія выклікалі ў маіх калег непадробную цікавасць. У 2019 годзе вырашыла прыняць удзел у раздзеле “Неканфэрэнцыя”, дзе настаўнікі прэзентуюць свае творчыя прадукты.
За апошнія два гады фармат фестываля змяніўся, што дазваляе кожнаму педагогу краіны прадэманстраваць уласныя напрацоўкі, вопыт. Для таго, каб атрымаць такую магчымасць, настаўніку трэба падрыхтаваць рэкламу метадычнага прадукта. І тут фантазія не мае межаў: ад відэаролікаў да спецыяльна складзеных вершаў, ад таямнічных скарбонак да прафесійных маркетынгавых тэкстаў. У “Неканферэнцыі” з дваццацці настаўнікаў выступаюць толькі пяцёра, якіх павінны выбраць прысутныя. Пасля рэкламы кожны можа аддаць голас толькі за чатыры майстар-класы. Напружанне расце… У гэты раз пашанцавала! Мой майстар-клас “Магчымасці інтэрактыўнага відэа на ўроках замежнай мовы. Стварэнне ўласнага відэякантэнту” набраў большасць галасоў. Дзякую калегам за давер!
Што стаіць за кожным метадычным прадуктам? Руплівая праца настаўніка, які недасыпаў начэй, ахвяраваў вольным часам, шукаў новыя ідэі, каб падзяліцца вопытам выніковай працы і атрымаць свае 15 мінут славы. Я заўсёды знаходжуся пад уражаннем ад выступленняў маіх калег.
Хачу выказаць вялікую ўдзячнасць кіраўніку секцыі “Замежныя мовы” Галіне Сільвестраўне Хадасевіч, якая штораз імкнецца зрабіць работу секцыі разнастайнай і цікавай. Мы пазнаёміліся з элементамі актыўнай ацэнкі, даведаліся аб 29 спосабах заставацца крэатыўнымі, пачалі працу над стварэннем “Кнігі Міру”. У выніку было прынята рашэнне арганізаваць рэспубліканскую творчую групу настаўнікаў для работы над “Кнігай Міру” на розных замежных мовах, якія выкладаюцца ў нашай краіне.
Вельмі прыемна сустракаць на фестывалі сваіх калег. Казлова Алена Уладзіміраўна, наша таленавітая полацкая настаўніца беларускай мовы і літаратуры кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” установы адукацыі “Полацкая дзяржаўная гімназія № 1 імя Францыска Скарыны”, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, прапанавала ўдзельнікам урок для дарослых “Дзеепрыслоўе як асобая форма дзеяслова: выкарыстанне карэкцыйных і “разумных” карт на ўроку беларускай мовы”. Алена Уладзіміраўна пяты раз удзельнічае ў фестывалі і ведае, чым падзяліцца. Так, увесь мінулы год яна працавала над дапаможнікам для настаўнікаў «Карэкцыйная работа на ўроках беларускай мовы» (выдавецтва «Выснова», 2019). Калегі падзякавалі ёй за выступленне і адзначылі эфектыўнасць прапанаваных прыёмаў.
Імкненне настаўнікаў наведваць фестываль сведчыць аб тым, што яны не стаяць на месцы, імкнуцца да самаўдасканалення. Непаўторны дух мерапрыемства, пошук новых ідэй, дапытлівасць настаўнікаў, зносіны і работа з педагогамі з усёй краіны матывуюць нас развівацца ў прафесійным плане, удзельнічаць у фестывалі.
Падчас падвядзення вынікаў са сцэны гучалі словы ўдзячнасці, калегі дзяліліся ўражаннямі – як заўсёды творча і нестандартна. Удзельнікі секцыі “замежнікаў” выступілі на чатырох замежных мовах, секцыі “інфарматыкаў” – арганізавалі жывы бягучы радок, секцыі “эстэтычнага цыклу” – выканалі навагоднюю песню.
На фестывалі нарадзіўся слоган “2020 – вітаем фестиваль-X!”. Калі вы хочаце даведацца аб тэхналогіі RACE, пазнаёміцца з мадэллю GROW або вас цікавіць эльдэтыка, то я, на правах заўзятага ўдзельніка, запрашаю Вас далучыцца!
Аліна Стальмачонак, настаўніца нямецкай мовы,
настаўнік-метадыст дзяржаўнай установы адукацыі
“Зялёнкаўская дзіцячы сад-базавая школа
імя Т.С. Марыненка Полацкага раёна”