Купала і Колас – наш гонар, сумленне і слава

28.03.2022

У кожнага народа ёсць паэты, да слоў якіх прылучаны сэрцы многіх пакаленняў. Безумоўна, для беларусаў гэта Янка Купала і Якуб Колас. З’яўленне на Зямлі ў адзін, 1882 год, двух паэтаў — Божы дар беларускаму народу. 21 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень паэзіі. У Кушлікоўскай школе прайшло свята паэзіі “Купала і Колас – наш гонар, сумленне і слава”.

Прысутныя атрымалі магчымасць здзейсніць падарожжа ў часе: даведацца пра цікавыя факты з біяграфій таленавітых людзей, глыбей зразумець творчасць паэтаў, творы якіх увайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры і вядомы сёння далёка за межамі нашай краіны, а таксама адкрыць для сябе новыя старонкі творчасці Янкі Купалы і Якубы Коласа.
Прыемна, што творчасць вялікіх паэтаў жыве і сёння. Падчас мерапрыемства вучні з задавальненнем дэкламавалі вершы паэтаў: “Выйдзі”, “Не бядуй!”, “Родныя вобразы”.

Своеасаблівым упрыгожваннем свята стала праслухоўванне песень, створаных на вершы паэтаў: “Спадчына”, “А хто там ідзе?”, “Мой родны кут”.

Янка Купала і Якуб Колас – майстры паэтычнага слова Беларусі. Спадчына, якую пакінулі народныя песняры, неўміручая. Колькі б часу ні прайшло, заўсёды будуць жыць у памяці беларускага народа Янка Купала і Якуб Колас.