21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы
22.02.2023Ніякае багацце людзей
не бывае даражэйшым
за іх родную мову.
Якуб Колас
У 1999 годзе па рашэнні ЮНЕСКА дзень 21 лютага быў абвешчаны Міжнародным днём роднай мовы.
Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без носьбіта, таму мы проста не маем права маўчаць па-беларуску...
Роднае слова! Яно неабсяжнае, як сусвет, невычэрпнае, як акіян. Яно ўсемагутнае, бо закранае самыя тонкія струны чалавечай душы. Яно здольна суцешыць гора, выклікаць весялосць, натхніць на подзвіг, спыніць злы намер, абудзіць да дзеяння цэлыя народы...
У кожнай установе адукацыi Полацкага раёна прайшлi мерапрыемствы, прысвечаныя Дню роднай мовы:
- інфармацыйныя (інфармацыйныя гадзіны “З любоўю і павагай да роднай мовы”, “Дзень роднай мовы”, інформ-дайджэст “Шчыра адданыя слову”, літаратурная імпрэза “Гучы, роднае слова!”, кніжныя выставы “Мова наша родная”, “Сэрцам роднага слова краніся”);
- інтэлектуальныя (гульня-конкурс “Буслік”, віктарыны “Маё беларускае, роднае, кроўнае”, “Скарбонка роднай мовы”, інтэлектуальныя гульні “Знаўцы роднай мовы”, “Адгадайкі”, інтэлектуальны марафон “Хачу ўсё ведаць”, конкурсная праграма “З роднай моваю на “ТЫ”);
- творчыя (конкурсы чытальнікаў вершаў “Беларуская мова – мелодыя сэрца”, воблака слоў “Смак роднай мовы”, выставы малюнкаў “Мая Радзіма - Беларусь”);
- акцыі “Размаўляем па-беларуску”, “Пажаданні роднай мове”, “Маё любімае беларускае слова”, “Букет для роднай мовы”, “Вітаемся па-беларуску”, “Перакладзі слова – атрымай цукерку”, “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску!”, “Вершы ў кішэні”, галасаванне “Самае папулярнае беларускае слова”.
Вучні і настаўнікі ўстаноў адукацыі далучыліся да рэспубліканскіх акцый, прымеркаваных да Дня роднай мовы. Прынялі ўдзел у Рэспубліканскай дыктоўцы па беларускай мове, арганізаванай Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Яркай падзеяй стала і наведванне аддзялення паштовай сувязі – з нагоды Дня роднай мовы там была арганізавана акцыя па бясплатнай перасылцы паштовак.
Вучні 5-7 класаў далучыліся да ўдзелу ў абласным турніры па беларускай мове і літаратуры ў гонар загадчыка кафедры беларускага мовазнаўства Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдата філалагічных навук Г.А. Арцямёнка.
Дзень роднай мовы – гэта добрая нагода задумацца пра лёс i будучыню той мовы, якую мы называем нацыянальнай, матчынай, сваёй. Мова – тое, што нас аб'ядноўвае i робіць унiкальнымi. Любіце, шануйце, паважайце родную мову, размаўляйце на ёй!
Нібы маці, берагчы
Працаўніцу нашу – мову,
Бо яна – жыцця зачын
І пачатак песні новай.
Я. Сіпакоў